«М.@рт.кантакт» зноў у Магілёве!

10

З 21 па 27 сакавіка ў горадзе Магілёве адбудзецца XIII Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@рт.кантакт», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт і Магілёўскі абласны драматычны тэатр, паведамілі ў прэсс-цэнтры Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт-2018».

Art_postel_rec

Форум створаны з мэтай развіцця і прапаганды тэатральнага мастацтва шляхам паказу лепшых сцэнічных твораў для моладзі. Гэтая падзея стала добрай традыцыяй і штогод знаходзіць шырокае адлюстраванне ў сродках масавай інфармацыі, атрымлівае высокую адзнаку з боку тэатральнай грамадскасці, крытыкаў, выклікае шчырую зацікаўленасць гледачоў. Фестываль праводзіцца з 2006 года і за 12 гадоў правядзення стаў адной з самых значных і чаканых культурных падзей не толькі ў Магілёве, але і ва ўсёй тэатральнай прасторы Беларусі.

Геаграфія форуму шырокая. За ўсе гады правядзення фестывалю на ім было паказана 190 спектакляў з 20 краін: Расіі, Украіны, Беларусі, Германіі, Славеніі, Польшчы, Малдовы, Арменіі, Ізраіля, Англіі, Італіі, Літвы, Латвіі, Казахстана, Эстоніі, Кыргызстана, ЗША, Грузіі, Аўстрыі і Балгарыі. Спектаклі паглядзела больш за 40 тысяч гледачоў, якія пазнаёміліся з выдатнымі ўзорамі класічнай і сучаснай драматургіі айчынных і замежных аўтараў, мастацтвам таленавітых рэжысёраў, акцёраў і сцэнографаў.

У 2018 годзе ў рамках форуму плануецца паказ 23 спектакляў 22 тэатраў з 9 краін свету (Расіі, Беларусі, Украіны, Польшчы, Казахстана, Літвы, Латвіі, Славакіі, Германіі). На форум запрошаны калектывы, якія ярка праявілі сябе на папярэдніх фестывалях, а таксама новыя тэатры і творчыя групы.


11

Адкрые фестываль спектакль «Калодзеж» Мангістаўскага абласнога музычна-драматычнага тэатра ім. Нурмухана Жантурына (г. Актау, Казахстан), пастаўлены вядомым рэжысёрам, лаўрэатам Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска» Сяргеем Патапавым па аповесці Абіша Кекільбаева, якога называюць казахскім Хэмінгуэем. Таксама ў дзень адкрыцця форуму на сцэне Магілёўскага драматычнага тэатра будзе паказаны спектакль «Пустата» Цвярскога тэатра юнага гледача – тэатральны сітком па п’есе Максіма Чарныша (рэж. Талгат Баталаў), намінаваны на Нацыянальную тэатральную прэмію «Залатая маска»-2017 у 5-ці намінацыях: «Лепшы спектакль у драме. Вялікая форма», «Лепшая праца рэжысёра», «Лепшая праца мастака», «Лепшая праца мастака па святле», «Лепшая мужчынская роля». У наступныя дні гледачоў чакае нямала цікавых работ самых розных формаў і жанраў. Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр прывязе на форум псіхалагічны трылер «Метад». Гэта трэці самастойны спектакль маладога рэжысёра Віталя Краўчанкі, раней ён паставіў «Браты і Ліза» ў Магілёве і «Шчасце ёсць!» у Мінску. Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Яўгена Вахтангава прадставіць на сцэне канцэртнай залы «Магілёў» пастаноўку рэжысёра Міхаіла Цытрыняка «Крык лангусты» пра творчы шлях вялікай актрысы Сары Бернар. У спектаклі занятыя народная артыстка РФ Юлія Рутберг і заслужаны артыст РФ Андрэй Ільін. Тэатр «Мено Фортас» з г. Вільнюса прывязе на форум спектакль «Майстар голаду» (па апавяданні «Галадар» Франца Кафкі) легендарнага рэжысёра Эймунтаса Някрошуса.

У жывым музычным суправаджэнні будзе ісці спектакль «Ураджай» Маскоўскага Губернскага тэатра. Гэты спектакль стаў другой пастаноўкай у МГТ маладога рэжысёра Паўла Арцем’ева, п’еса напісана вядомым беларускім драматургам Паўлам Пражко. Музыкі культавай групы «Апошнія Танкі У Парыжы» будуць іграць у зонг-оперы «Медэя. Эпізоды» («Тэатра дзі Капуа», г. Санкт-Пецярбург), таксама ў ёй прагучаць вершы панк-паэта Лёхі Ніканава, а ролю Медэі выканае Ілона Маркарава. Спектакль «Медэя. Эпізоды» заваяваў Гран-пры Прэміі ім. Сяргея Курохіна, быў намінаваны на Незалежную Музычную Прэмію Арцемія Троіцкага «Стэпавы воўк» у намінацыі «Нешта». Незвычайную, вельмі атмасферную пастаноўку «Магадан/кабарэ» рэжысёра Юрыя Паграбнічка прапануе гледачам Маскоўскі тэатр «Ля дома Станіслаўскага». Гэта абсурдысцкі спектакль-канцэрт, які складаецца з песень пра Магадан; Лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска»-2017. Яшчэ адна эсперыментальная па духу і музычная па форме пастаноўка – «З жыцця казурак» (Незалежны тэатральна-музычны праект, г. Мінск). Гэта музычна-вакальны цыкл, у аснову якога ляглі вершы паэта-ОБЭРИУта  Мікалая Алейнікава і ў якім спалучаюцца вакал Святланы Бень, тэрменвокс, скрыпка і раяль.

2
Благотворительный Новогодний концерт состоится 13 января

Традыцыйна на форуме будуць прадстаўлены пластычныя спектаклі: «Усе шляхі вядуць на Поўнач» – сучасны танец (Тэатр «Балет Масква», харэограф Карын Понцьес), Лаўрэат Расійскай Нацыянальнай тэатральнай Прэміі «Залатая маска»-2017 у намінацыі «Лепшы спектакль сучаснага танца»; а таксама спектакль Даўгаўпілскага тэатра пад назвай «Блізкасць» – «навелы, расказаныя мовай цела», вельмі эстэтычны, атмасферны спектакль пра людзей, іх пачуцці і ўзаемаадносіны.

На форуме можна будзе ўбачыць шэраг цікавых спектакляў «малой формы». Тэатр Адэскага разліву «Ланжеронъ» з Харкава парадуе магілёўскіх гледачоў двума спектаклямі, прысвечанымі вечным каштоўнасцям: «Пісьмо Богу» і «Тэза з нашага двара». Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры БДАМ (г. Мінск) прадставіць на малой сцэне Магілёўскага драматычнага тэатра новую драму «Москоў Дрымін» паводле п’есы Віталя Каралёва, тэатралізаваная чытка якой адбылася на другім конкурсе-фестывалі сучаснай беларускай драматургіі «Write Box»; у спектаклі занятыя студэнты-дыпломнікі БДАМ. На малой сцэне драматычнага тэатра гледачы ўбачаць спектакль-эксперымент «Двое» рэжысёра Аляксея Размахава і мастака Філіпа Вінаградава, якая заснавана на п’есе «Гора ад розуму» і біяграфіі Аляксандра Грыбаедава. Спектакль выпушчаны ў рамках праекта «Адкрытая сцэна» (г. Масква). Таксама ў камернай прасторы будзе паказаная эксперыментальная пастаноўка Дзмітрыя Валкастрэлава «Разенкранц і Гільдэнстэрн» (Тэатр юных гледачоў ім. А. А. Бранцава, г. Санкт-Пецярбург). Спектакль – намінант адразу некалькіх прэстыжных прэмій: вышэйшай тэатральнай прэміі Санкт-Пецярбурга «Залаты сафіт» 2017 года ў катэгорыі «спектакль малой формы», прэміі KudaGo-2017 у катэгорыі «Лепшы спектакль», Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска» 2018 года ў катэгорыях «Драма / Спектакль малой формы» і «Драма / Праца рэжысёра».

У форуме прыме ўдзел артыст Матэўш Новак з Любліна (Тэатр «T1A») з монаспектаклем «Спераду і ззаду», які быў прадстаўлены на міжнародных тэатральных фестывалях. Перад гледачом паўстане гісторыя апошняга польскага караля Станіслава Панятоўскага, расказаная ў асобах. Упершыню ў форуме возьме ўдзел тэатр з Славакіі – арт-група «Med a prach / Мёд і пыл», эксперыментальны тэатр, заснаваны маладымі браціслаўскі рэжысёрамі, акцёрамі і музыкамі. На незвычайнай пляцоўцы, прынцыпова «не-тэатральнай», у музеі ім. П. В. Масленікава, госці сыграюць сцэнічную імправізацыю пад назвай «Прыгожае і жахлівае» («Немагчымасць падмены неідэнтыфікуемага»), нешта сярэдняе паміж галерэйнай інсталяцыяй, спектаклем і канцэртам. Як сцвярджаюць самі выканаўцы, перакладу не патрабуецца. Моўны бар’ер таксама не стане праблемай для ўспрымання пастаноўкі Стаса Жыркова (Кіеўскі тэатр «Залатыя вароты») «Тата, ты мяне любіў– тым больш, што літаратурнай асновай паслужыла п’еса беларускага драматурга Дзмітрыя Багслаўскага.

Ідэальна ўпішацца ў маладзёжны фармат форуму пастаноўка, якую прадставіць Тэатральная Майстэрня Г. Р. Трасцянецкага (Расійскі дзяржаўны інстытут сцэнічных мастацтваў, г. Санкт-Пецярбург). Спектакль створаны маладымі рэжысёрамі паводле некалькіх апавяданняў Андрэя Платонава, аб’яднаных пад агульнай назвай «Андрэй Платонаў. Карова», жанр «гульня ў людзей».

Магілёў на форуме будзе прадстаўляць абласны драматычны тэатр са спектаклем «Жанчына мора» ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра, Лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі Саўлюса Варнаса.

У апошні дзень форуму гледачы ўбачаць монаспектакль «Споведзь маскі» па аднайменным творы Юкіа Місімы (Тэатр «Руская сцэна», г. Берлін), а закрые фестывальную праграму горкая камедыя італьянскага рэжысёра Матэа Сп’яцы «Пансіён «Belvedere» (Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, г . Мінск).

У рамках спецыяльнай праграмы форуму пройдуць майстар-класы для маладых акцёраў. Майстар-клас па акцёрскім майстэрстве правядзе Генадзь Рафаілавіч Трасцянецкі – расійскі тэатральны рэжысёр, прафесар, кіраўнік акцёрскіх і рэжысёрскіх курсаў Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай Прэміі Расіі ім. К. Станіслаўскага, Усерасійскіх і Міжнародных тэатральных фестываляў, прэмій «Залатыя сафіты» і «Залатая маска».

У рамках традыцыйнай для форуму Майстэрні маладой рэжысуры выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, студэнтка Г. Р. Трасцянецкага Каміля Хусаінава разам з магілёўскімі акцёрамі на працягу тыдня будзе рыхтаваць эскіз да спектакля паводле апавядання Васіля Быкава «Жоўты пясочак».

Для абмеркавання спектакляў плануецца запрасіць маладых крытыкаў, а таксама даць ініцыятыву магілёўскай студэнцкай моладзі. Маладыя людзі паспрабуюць праглядзець ўсю праграму, будуць працаваць з гледачамі, стасавацца з удзельнікамі і гасцямі форуму, збіраць меркаванні, рыхтаваць публікацыі для друкаваных і інтэрнэт-выданняў. Традыцыйныя штодзённыя прэс-канферэнцыі і абмеркавання прагледжаных спектакляў будуць праходзіць у фармаце творчых сустрэч, што дасць магчымасць жывых стасункаў паміж удзельнікамі, гасцямі фестывалю, маладымі крытыкамі, гледачамі і прадстаўнікамі СМІ.

Традыцыйна рыхтуецца выпуск друкаванага выдання (буклета) пра форум, яго праграму і ўдзельнікаў.

comments powered by HyperComments