«М.@rt.кантакт»: ні дня без спектаклю

1
Фото: afisha.bigmir.net

Першы дзень фестывалю «М.@rt.кантакт» завершаны. Фестывальную праграму адкрыў спектакль Алмацінскага тэатра ім. Байтэна Амарава «Жас Сахна» «Аднакласнікі. Урокі жыцця»  – трагедыя па п’есе Тадэвуша Слабадзянека, рэжысёр Барзу Абдураззакаў. Пастаноўка была ўдастоена гран-пры на Міжнародным фестывалі вялікіх спектакляў малой формы «ArtОкраина» (г. Санкт-Пецярбург, 2015 г.), стала прызёрам фестывалю «Сустрэчы ў Расіі» краін СНД і Балтыі тэатра «Балтыйскі дом» (г. Санкт-Пецярбург , 2016 г.), была прызнана лепшым спектаклем 2015 года ў г. Алматы. У гэты ж дзень  на сцэне Магілёўскага драматычнага тэатра пасля цырымоніі адкрыцця форуму быў паказаны спектакль Расійскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра драмы імя Фёдара Волкава (г. Яраслаўль) «Месяц у вёсцы». Гэта дынамічная і дасціпная камедыя паводле твора І. Тургенева пастаўлена вядомым расійскім рэжысёрам Яўгенам Марчэлі. Спектакль стаў намінантам на Нацыянальную тэатральную Прэмію «Залатая Маска-2016» у 6 намінацыях.

У наступныя дні гледачоў чакае нямала знакавых пастановак самых розных формаў і жанраў, паведамляюць у прэс-цэнтры Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт-2017». Рэжысёрская лабараторыя «Вучні Тумінаса» пры Дзяржаўным акадэмічным тэатры ім. Я. Вахтангава і Тэатральным інстытуце ім. Б. Шчукіна (г. Масква) прадставіць на форуме два спектаклі: фарс «Кароль памірае» па п’есе Э. Іянэска і драму «За зачыненымі дзвярыма» паводле п’есы Ж.-П. Сартра.

Кожны са спектакляў рэпертуарнай афішы па-свойму цікавы – арганізатары адбіралі лепшыя ўзоры сцэнічных твораў, па-сапраўднаму яркія пастаноўкі: «Дарагая Алена Сяргееўна» Тэатра юных гледачоў ім. А. А. Бранцава (г. Санкт-Пецярбург), «Як я стаў ідыётам» Расійскага акадэмічнага Маладзёжнага тэатра (г. Масква), «Каралева прыгажосці» Кіеўскага тэатра «Залатыя вароты», «Выратаваць камер-юнкера Пушкіна» Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра «Субота » і інш. У жывым музычным суправаджэнні джазавага аркестра пройдзе спектакль «Калі б я быў татам» – шоў у жанры stand-up’а, аўтарам і рэжысёрам якога з’яўляецца Айк Петрасян з Арменіі.

Упершыню ў форуме прымуць удзел тэатры з Грузіі, Аўстрыі і ЗША. Тбіліскі дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр ім. А. С. Грыбаедава, найстарэйшы рускі тэатр за межамі Расіі, прадставіць пастаноўку «Халстамер. Гісторыя каня». Гэты спектакль заваяваў славу аднаго з лепшых у сучасным тэатральным свеце. Пастаноўка была прадстаўлена больш чым на 20-ці міжнародных фестывалях, у 2013 годзе стала ўладальніцай Гран-пры XI Міжнароднага тэатральнага форуму «Залаты Віцязь». Тэатр Caprile з Вены прадставіць спектакль «Монтавідэа», а артыст Бремнер Д’юці з Нью-Ёрка выступіць са сваім шоў «’33 (Кабарэ)».

Первый Могилевский фестиваль любительских короткометражных фильмов приглашает к участию

Ужо ў другі раз у рамках форуму адбудзецца спектакль у прасторы Музея этнаграфіі г. Магілёва — «Браты Карамазавы», пастаноўка рэжысёра Сільвы Крывіцкіене паводле аднайменнага рамана Ф. Дастаеўскага (Тэатр-студыя «Theaomai», г. Вільнюс). Дарэчы, у праграме форуму значыцца яшчэ адзін спектакль па гэтым жа бессмяротным творы класіка рускай літаратуры – сваю сцэнічную версію «Братоў Карамазавых» прадставіць Тэатр-студыя «Невялікі драматычны тэатр» з Санкт-Пецярбурга.

У рэпертуарнай афішы традыцыйна прадстаўлены танцавальныя перформансы: «Архіпелаг» Тэатра танца «Caro» з Польшчы (аўтар ідэі і харэограф Мацей Кузьмінскі) і «Прадметная размова» Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра (аўтар ідэі і рэжысёр — Вольга Скварцова).

Беларусь прадстаўлена ў афішы міжнароднага тэатральнага форуму пяццю творчымі калектывамі. Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, акрамя згаданага танцавальнага перформанса, пакажа гледачам спектакль «Саша, вынесі смецце», пастаўлены артыстам тэатра Дзмітрыем Багаслаўскім па п’есе сучаснага ўкраінскага драматурга Наталлі Варажбіт. Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ім. В. І. Дуніна-Марцінкевіча прывязе на форум спектакль «Лондан» (рэжысёр Алена Сілуціна), пастаўлены паводле п’есы Максіма Дасько пры падтрымцы Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры БДАМ. У праграме значыцца беларускамоўная пастаноўка па п’есе Андрэя Іванова — спектакль «Гэта ўсё яна» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Гэта пастаноўка ажыццёўлена польска-нямецкай рэжысёркай Монікай Дабраўлянскай, пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ.

Магіляўчане пакажуць у рамках фестывалю два спектаклі. Магілёўскі абласны драматычны тэатр прыме ўдзел у форуме са спектаклем «Крэйцарава  саната» па аднайменнай аповесці Льва Талстога. Рэжысёр-пастаноўшчык Саўлюс Варнас і выканаўца галоўнай ролі Іван Трус з’яўляюцца лаўрэатамі Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Магілёўскі абласны тэатр лялек прадставіць новы монаспектакль лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі Мікалая Сцешыца пад назвай «Сіняя-сіняя», пастаўлены па апавяданні беларускага класіка У. Караткевіча маладым, але ўжо вельмі вядомым рэжысёрам Ігарам Казаковым.

Закрые фестывальную праграму тэатр-фестываль «Балтыйскі Дом» (г. Санкт-Пецярбург) з трагіфарсам «Ты, я …», рэжысёр-пастаноўшчык – Юрый Ядроўскі.

comments powered by HyperComments